першая старонка   А  Б  В  Г  Д  Дз  Дж  Е  Ё  Ж  З  І  Й  К  Л  М  Н  О  П  Р  С  Т  У  Ф  Х  Ц  Ч  Ш  Э  Ю  Я   усе помнікі   карта   
замкі  храмы-крэпасці  манастыры  цэрквы  касцёлы  кальвінскія зборы  сінагогі мячэці кірхі  драўлянае дойлідства  ратушы  дварцы  сядзібы
стагоддзі: XI–XV  XVI  XVII  XVIII  XIX  XX   стылі: готыка  рэнесанс  барока  ракако  класіцызм  рэтра-рускі  неараманскі  неаготыка  мадэрн

Брэсцкая вобласць, Баранавіцкі раён, вёска
Сталовічы
Аляксандра-Неўская царква (Іаана Хрысціцеля).  1639, 1740-46 гг.
Фотагалерэі:  Знешні выгляд  У царкве  Ларэтанская капліца  Вежа-званіца ;   Усе фота (46 шт.)

Стыльвіленскае барока
АрхітэктарыІ. Фантана III (1740), І. К. Глаўбіц (1743)
Матэрыялцэгла
Пры пабудовекасцёл
Статусцарква дзейнічае
Даты фотаздымкаў15.09.2001, 05.06.2004

Кароткая храналогія:
1616 г.у Сталовічах заснавана камандорыя рыцараў Мальтыйскага ордэна
1639 г.па загаду камандора мальтыйцаў Ж. К. Радзівіла ў Сталовічах пабудавана капліца Ларэтанскай Божай Маці
1740—41 гг.пад кіраўніцтвам архітэктара І. Фантана III пачалося будаўніцтва касцёла Іаана Хрысціцеля; па праекту старая капліца ўключана ў новы храм
1743—46 гг.будаўніцтва касцёла скончана архітэктарам І. Глаўбіцам
1863—66 гг.храм пераабсталяваны і пераасвечаны ва Успенскую праваслаўную царкву
зараз (2004 г.)праваслаўная царква дзейнічае; зараз завецца — Свята-Аляксандра-Неўская
За дзіўнай гісторыяй гэтай царквы — вель­мі цікаўная і арыгінальная старонка з мі­ну­ла­га Беларусі. Доўгі час тут, у сучас­ным Баранавіцкім раёне, існаваў адзіны "філіял" Мальтыйскага ордэна, ці, калі казаць даклад­на, — камандорыя гэтага знакамітага ката­ліц­ка­га аб'яднання манахаў-рыцараў. Ордэн узнік у пачатку XII стагоддзя ў Іерусаліме і праславіўся ў час крыжовых паходаў. Тады яго манахі называлі сябе гаспітальерамі (апе­ка­ва­лі параненых і хворых пілігрымаў) ці іанітамі (ад св. Іаана Іерусалімскага). Востраў Мальта ў
Самая старажытная частка храма — Ларэтанская капліца 1639 г.
Міжземным моры, на які ў 1530 годзе перасяліліся манахі-рыцары, не толькі даў новую назву ордэну, але і стаў аванпостам хрысціянскіх дзяржаў супраць Асманскай Імперыі. Гістарычна склалася так, што членства ў ордэне было элітным, траплялі туды толькі выбраныя, пераважна людзі знатныя і зусім не бедныя. Многія еўрапейскія манархі і нават, па некаторых звестках, асобныя расійскія імператары лічылі за гонар стаць пачэснымі кавалерамі Мальтыйскага ордэна, аднак атрымлівалася гэта далёка не ў кожнага.

Ордэн быў закрытай установай, у тым ліку і геаграфічна. Калі ж іншыя манаскія ордэны актыўна распаўсюджвалі сваю дзейнасць, адкрываючы кляштары на новых для сябе землях, то штаб-кватэра іанітаў доўгі час дзейнічала толькі на Мальце. Але адбыліся змены. Жыгімонт Караль Радзівіл (1591—1642) у час вучобы ў Балонні зацікавіўся дзейнасцю ордэна, а ў 1612 годзе ўступіў у яго і даў рыцарскі зарок на Мальце. Ужо ў 1616 яго бацька Мікалай Радзівіл Сіротка, адзін з заможных людзей Еўропы, дабіўся заснавання на сваіх землях у Вялікім княстве Літоўскім камандорыі Мальтыйскага ордэна, якую і ўзначаліў затым рыцар Жыгімонт Караль. Так у сухапутнай Беларусі з'явіліся прадстаўнікі ордэна, вядомыя ў Еўропе як абаронцы Міжземнага мора ад піратаў і туркаў.

Самая вяршыня храма. Фота з вежы
Радзівілы пасялілі іанітаў у Сталовічах. Спачатку для іх быў пабудаваны драўляны касцёл і кляштарны корпус, а ў 1639 годзе быў узведзены першы мураваны будынак — невялікая прамавугольная капліца для спецыяльна прывезенай з Італіі скульптуры Маці Божай. У 1740 годзе на гэтым месцы пачалі ўзводзіць мураваны касцёл, які адпаведна быў асвечаны ў гонар Іаана Хрысціцеля. Прычым старую капліцу, якой тады ўжо было сто гадоў, захавалі, аб'яднаўшы яе з новым храмам. Такое рашэнне прыняў вядомы архітэктар, прадстаўнік барока І. Фантана, якому, аднак, так і не ўдалося рэалізаваць да канца свой праект — у 1741 годзе дойлід памёр. Работу над будаўніцтвам касцёла працягваў і закончыў другі, не менш вядомы прадстаўнік віленскага барока І. Глаўбіц.

Так выглядала царква сто гадоў таму. Фота Я. Балзункевіча, пачатак ХХ ст.
Тым не менш, у той час, калі Вялікае княства Літоўскае ўвайшло ў склад Расійскай дзяржавы, імперыя адмовілася ад элітнага камандорства ў нядаўна заваяванай "глухой правінцыі". Дзейнасць ордэна іанітаў была скасавана ў 1817 годзе, а мураваны будынак касцёла Іаана Хрысціцеля ў 1866 годзе быў пераабсталяваны ў праваслаўную Успенскую царкву. Пры гэтым былі паніжаны вежы над уваходам і знік фігурны франтон, а хутка над храмам выраслі пяць праваслаўных купалоў. Інтэр'еры ж былі ў многім захаваны. Так, да нашых дзён дайшло створанае І. Глаўбіцам маляўнічае афармленне алтарнай сцяны. Інфармацыю аб тым, калі з храма зніклі купалы і зноў з'явіліся традыцыйныя завяршэнні веж, у даступных крыніцах знайсці не ўдалося. У царкве ёсць фота 1936 года, на якім купалы яшчэ былі. Пасля вайны здымаць іх не было каму (тут шмат гадоў ціха праводзіў набажэнствы толькі адзін святар), ды і не было патрэбы (храм заставаўся праваслаўным). Можна меркаваць, што знешняе сучаснае аздабленне храма было выканана ў апошнія прадваенныя гады, калі Сталовічы знаходзілі на тэрыторыі Польшчы.

Алтарная сцяна захавалася такой, як яе зрабіў І. Глаўбіц. У цэнтры — адсечаная галава Іаана Хрысціцеля
І сёння ў храме можна знайсці нямала сведчанняў яго насычанага мінулага. Да гэтага часу ў цэнтры алтарнай сцяны, за праваслаўным алтаром, можна ўбачыць адсечаную галаву Іаана Хрысціцеля, што напамінае аб часах ордэна іанітаў. У свой час яна знаходзілася прама над уваходам у старажытную капліцу XVII стагоддзя. Цяпер гэты ўваход зачынены, а ў капліцу можна папасці праз адну з аўтаномных бакавых частак храма — Успенскі прыдзел, што захаваў царкоўную назву пачатку мінулага стагоддзя. Між іншым, зараз ён пустуе, чакаючы рамонту, таксама як і былая капліца, самае старое памяшканне храма. Сіметрычна ад Успенскага прыдзела, з другога боку алтара, размешчаны Свята-Мікалаеўскі прыдзел — найбольш дзеючая частка царквы. Справа ў тым, што ў халоднае надвор'е цэнтральная малітоўная зала звычайна зачынена і набажэнствы адбываюцца ў невялікім Мікалаеўскім прыдзеле, дзе ёсць і ацяпленне, і электрычнасць.

Сёння храму патрэбны сур'ёзны рамонт. Гэтым больш за ўсё і заклапочаны цяперашні яго настаяцель, айцец Фёдар, які служыць тут зусім нядаўна. Дапамагчы царкве змогуць толькі спонсары, якіх пакуль знайсці не ўдаецца.

Зараз у царквы зноў новая назва — Свята-Аляксандра-Неўская. Чаму апекуном храма стаў менавіта гэты святы, не ведае пакуль нават і айцец Фёдар.


Фотагалерэі:  Знешні выгляд  У царкве  Ларэтанская капліца  Вежа-званіца ;   Усе фота (46 шт.)