першая старонка   А  Б  В  Г  Д  Дз  Дж  Е  Ё  Ж  З  І  Й  К  Л  М  Н  О  П  Р  С  Т  У  Ф  Х  Ц  Ч  Ш  Э  Ю  Я   усе помнікі   карта   
замкі  храмы-крэпасці  манастыры  цэрквы  касцёлы  кальвин. зборы  сінагогі мячэці кірхі  драўл. дойлідства  ратушы  дварцы  сядзібы
стаг.: XI–XV  XVI  XVII  XVIII  XIX  XX   стылі: готыка  рэнесанс  барока  ракако  класіцызм  рэтра-рускі  неараманскі  неаготыка  мадэрн

Віцебская вобласць, Браслаўскі раён, гарадскі пасёлак
Друя
Троіцкі касцёл і кляштар бернардзінцаў.  1643-46 гг.
Фотагалерэі:  Знешні від  Унутры касцёла  Кляштар  Агароджа ;   Усе фота (32 шт.)

Стыльбарока
АрхітэктарыЛ. Грынцэвіч (1763), італьянец А. Парака (1763),
Л. Вітан-Дубейкаўскі (1934)
Матэрыялцэгла
Фундатарпадканцлер ВКЛ Казімір Леў Сапега
Статускасцёл
Становішчадзейнічае
Даты фотаздымкаў26.07.2003, 20.06.2004

Кароткая храналогія:
1643—46 гг.пабудаваны касцёл
2-я пал. XVII ст.прыбудаваны жылы корпус
1770-я гг.рэканструяваны (дабудавана шмат'ярусная вежа касцёла, пабудавана брама і г. д.)
1812 г.разрабаваны падчас руска-французскай вайны
1850 г.кляштар скасаваны
1852 г.касцёл стаў прыходскім
1923—38 гг.з дазволу рымскага папы Пія XI кляштар аддадзены манахам ордэна марыянаў
1934—38 гг.адноўлены архітэктарам Вітан-Дубейкаўскім
1939 г.кляштар закрыты
1944 г.у касцёле адбыўся пажар пасля пападання авіябомбы
1947—49 гг.размешчана СПТВ меліярацыі
1949—53 гг.будаўнічы тэхнікум
1954—56 гг.тэхнічнае вучылішча
1956—89 гг.вучылішча меліярацыі
1989 г.вернуты католікам
зараз (2004 г.)касцёл дзейнічае, рамонт працягваецца
Гарадскі пасёлак Друя, раз­мешчаны ў пагранічнай зо­не на беразе Заходняй Дзві­ны, сёння ўспрымаецца як свай­го роду запаведнік міну­ла­га часу. Тут, куды можна папасці толькі па спе­цыяль­ным про­пус­ку, існуе зусім іншы рытм, дзе час задумліва, быц­цам у за­па­во­ленай здым­цы, цячэ па ста­ра­жытных брука­ва­ных вулач­ках, паміж невялікіх цагляных домікаў пачатку ХХ стагоддзя і мноствам руін часоў мінулых.

Траецкі касцёл — найвышэйная пабудова Друі
А калісьці Друя была вельмі цікавым у архітэктурным і культурным сэнсе паселішчам. Росквіт прыйшоўся на XVII стагоддзе, калі мястэчкам валодалі Сапегі — заможныя і відныя дзеячы Вялікага княства Літоўскага. У 1618 годзе Друя атрымала Магдэбургскае права, у 1620 — уласны герб. Тут актыўна ішло будаўніцтва — Сапегі пабудавалі свой замак, заклалі новую частку гарадка Сапежын, развівалі размешчанае за Дзвіной прадмесце Прыдруйск (цяпер Піедруя ў Латвіі).

Вельмі актыўным было рэлігійнае жыццё. Тут мелі свае кляштары езуіты, бернардзінцы, дамініканцы. Пры тым самым старым храмам паселішча была старажытная царква Спаса XVI стагоддзя, акрамя таго, мелася уніяцкая царква, праваслаўны Дабравешчанскі манастыр, сінагога і інш. Сёння ад большасці з іх ці нічога не засталося, ці захаваліся толькі руіны. Шчаслівае выключэнне складае, бадай што, толькі комплекс былога кляштара бернардзінцаў з яго Троіцкім касцёлам, выдатным помнікам ранняга барока. Між іншым, і яму давялося прайсці праз цэлы шэраг сур'ёзных выпрабаванняў часам.

Перад пачаткам святочных набажэнстваў
Будаваць яго ў сярэдзіне XVII стагоддзя пачаў тагачасны пад­канцлер Вялікага княства Лі­тоў­скага Казімір Сапега, сын знакамітага канцлера Льва Сапегі. Узведзены ў формах ранняга барока, храм атрымаў тра­ды­цыйнае для гэтага стылю дастаткова стрыманае знешняе афармленне. У той жа час інтэр'ер, які часткова захаваўся да нашых дзён, ствараўся ўжо пазней, у XVIII стагоддзі, і ў адпаведнасці з патрабаваннямі позняга барока і ракако быў выкананы вельмі пышна і ма­ляў­ніча. Да гэтага часу, дарэчы, неабходна аднесці і сапраўдны выгляд шмат'яруснай вежы-званіцы, якая сёння дамінуе над пасёлкам і з'яўляецца самай высокай яго часткай. Пер­ша­па­чаткова яна была значна ніжэйшая (гэта можна бачыць на захаваных старых гравюрах), а надбудавана ўжо ў час рэканструкцыі кляштара, у 1772 годзе.

У XVII стагоддзі да касцёла быў прыбудаваны жылы комплекс з чатырохвугольным унутраным манастырскім дворыкам.

Побач з кляштарным корпусам падчас набажэнстваў «паркуюць» гужавы транспарт
Хутка пасля пабудовы кляштар пацярпеў ад войн XVII—XVIII стагоддзяў (часткова з гэтым і была звязана рэканструкцыя, праведзеная ў 1770-х), быў разрабаваны падчас вайны 1812 года. У 1850 годзе, калі Друя ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, кляштар бернардзінцаў быў закрыты, аднак Троіцкі касцёл заставаўся дзеючым, ужо як прыходскі.

Цікавы перыяд у гісторыі комплексу прыйшоўся на пачатак ХХ стагоддзя. Хутка пасля таго, як Друя зноў змяніла дзяржаўную прыналежнасць (цяпер гэта была Польшча), актыўную дзейнасць у касцёле разгарнулі айцы-марыяне, члены ордэна Бязгрэшнага Зачацця Дзевы Марыі, які бярэ пачатак яшчэ ў XVII стагоддзі. У 1923 годзе папа рымскі Пій XI спецыяльным дакументам дазволіў стварэнне на базе былога прыстанку бернардзінцаў у Друі кляштара марыян. Члены ордэна вялі набажэнства на беларускай мове, арганізавалі школу і гімназію, якая вылучалася такім узроўнем дэмакратызму, што гэта пачало ўсур'ёз непакоіць польскія ўлады. У 1938 годзе паліцыя выселіла з Друі шэраг айцоў-марыян, а затым прыслала на іх месца палякаў.

Поўнасцю дзейнасць кляштара і касцёла была скасавана праз год, але гэта было зроблена савецкай уладай, якая прыйшла ў Друю ў 1939 годзе.

Унутры касцёла
Пасля гэтага для Друйскага кляштара пачаўся самы цяжкі перыяд выпрабаванняў. У 1944 годзе пры наступленні савецкіх войск у касцёл трапіла авіябомба, чым выклікала моцны пажар. У полымі загінуў арган XVIII стагоддзя, многія каштоўныя абразы, драўляныя скульптуры і інш. Пасля вайны былі знішчаны і унікальныя старадаўнія званы — "Казімір", "Жыгімонт" і інш.

Шмат гадоў у памяшканнях кляштара месціліся розныя навучальныя ўстановы: спачатку будаўнічы тэхнікум, затым тэхнічнае вучылішча, вучылішча меліярацыі. Касцёл у той час пуставаў і паступова прыходзіў у заняпад.

У 1989 годзе комплекс быў вернуты католікам, і цяпер касцёл, у якім працягваюцца рамонтныя работы, ужо дзейнічае. Працуе ў Друі і Дом манахаў-марыян, аднаўляецца дзейнасць кляштара.

Нядаўна ўсталяваная перад касцёлам белая фігура Дзевы Марыі з'яўляецца арыгінальным помнікам, які прысвечаны памяці ўсіх святароў, што сталі ахвярамі таталітарных рэжымаў ХХ стагоддзя.


Фотагалерэі:  Знешні від  Унутры касцёла  Кляштар  Агароджа ;   Усе фота (32 шт.)