першая старонка   А  Б  В  Г  Д  Дз  Дж  Е  Ё  Ж  З  І  Й  К  Л  М  Н  О  П  Р  С  Т  У  Ф  Х  Ц  Ч  Ш  Э  Ю  Я   усе помнікі   карта   
замкі  храмы-крэпасці  манастыры  цэрквы  касцёлы  кальвінскія зборы  сінагогі мячэці кірхі  драўлянае дойлідства  ратушы  дварцы  сядзібы
стагоддзі: XI–XV  XVI  XVII  XVIII  XIX  XX   стылі: готыка  рэнесанс  барока  ракако  класіцызм  рэтра-рускі  неараманскі  неаготыка  мадэрн

Гродзенская вобласць, Бераставіцкі раён, гарадскі пасёлак
Вялікая Бераставіца
Касцёл Візітацыі Прасвятой Дзевы Марыі.  1615 г.
Фотагалерэі:  Знешні выгляд  Унутры касцёла  Наверсе ;   Усе фота (27 шт.)

Стыльранняе барока
Матэрыялцэгла
ФундатарыГеранім Хадкевіч (1615),
кракаўскі каштэлян Юрый Мнішак (1741)
Пры пабудовекасцёл
Становішчапаўразбураны
Дата фотаздымкаў27.09.2003

Кароткая храналогія:
1615 г. (1620?, 1741?)пабудаваны на сродкі Г. Хадкевіча на месцы драўлянага касцёла 1495 г.
1741 г.рэканструяваны (пабудаваны новы?) на сродкі Юрыя Мнішака
1855 г.адрамантаваны
1864 г. (?)зачынены па загаду генерал-губернатара М. Мураўёва
з 1866 г.праваслаўная царква
1920—40 гг.касцёл
у савецкі часзакінуты, выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах
1990 г.вернуты католікам, пачалася рэстаўрацыя
зараз (2004 г.)рамонт спынены, храм знаходзіцца ў паўразбураным стане
Прыводзімыя ў сучасных эн­цыкла­пе­дыч­ных даведніках даты пабудовы гэтага ма­нументальнага касцёла ў Вялікай Бе­раставіцы не адпавядаюць сапраўднасці. Ёсць версія з большай ці меншай ступенню пераканаўчасці: ён быў узведзены ў стылі ранняга барока на сродкі ўладальніка мяс­тэчка Гераніма Хадкевіча ў пачатку XVII стагоддзя на месцы драўлянага касцёла. Аднак шэраг даследчыкаў усё ж такі лічаць, што дата 1615 — час фундацыі Геранімам Хадкевічам місіі кармелітаў у Вялікай Бераставіцы. Касцёл у той час быў яшчэ драўляным і заставаўся такім больш за сто гадоў. Аргументы прыведзены дастаткова лагічныя і пераканаўчыя. З аднаго боку, няма ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі існаванне каменнага храма ў гэты час. Затое з другога, ёсць
Від на алтарную частку з хораў
сведчанне, што кармеліцкі касцёл быў знішчаны пажарам у 1741 годзе. Сапраўды, складана ўявіць сабе пажар, здольны знішчыць гэтакі маштабны будынак з вельмі тоўстымі сценамі. Значна прасцей уявіць, што такі лёс напаткаў драўляны будынак, на месцы якога затым і пачалі будаваць храм з цэглы. Дадаткова на карысць гэтай версіі прыводзяцца такія довады навуковага характару, што, напрыклад, некаторыя прымененыя тут архітэктурныя прыёмы ўжо не існавалі ў пачатку XVII стагоддзя. Акрамя таго, касцёл, відавочна, падобны па стылістыцы і на іншыя храмы, пабудаваныя для кармеліцкіх манастыроў ужо ў XVIII стагоддзі. Шэраг архітэктурных элементаў, у тым ліку фасадных, дазваляе аднесці яго не да ранняга барока, а да стылю віленскага барока, які толькі зараджаўся. Такім чынам, па фундацыі кашталяна кракаўскага Юрыя Мнішака каменны касцёл быў усё ж такі пабудаваны толькі пасля 1741 года.

Па суседству з касцёлам — рэстаран
І да гэтага часу мураваная святыня з'яўляецца самым маш­табным будынкам у гарадскім пасёлку. Калі ўязджа­еш у Бе­раставіцу з боку Свіслачы, то здалёк можна ўбачыць, як гор­да ён узвы­ша­ец­ца над га­рад­ской панарамай, як і раней застаючыся яго індывідуальнай архітэктурнай дамінантай. Зблізу ўражанне толькі ўзмац­ня­ец­ца: і рэстаран па суседству з храмам, і абавязковы для рай­цэнтра манумент Леніна на цэнтральнай плошчы — сёння яны выглядаюць толькі як выпадковыя да­час­нікі на фоне старога храма.

Від на касцёл зверху
І гэта пры тым, што касцёл усё яшчэ застаецца ў паўразбураным стане. Хаця, у некаторых сучасных крыніцах можна сустрэць інфармацыю аб тым, што касцёл адноўлены ў 1990-х гадах і нават дзейнічае. На самой справе, гэта толькі імкненне выдаваць жадаемае за сапраўднае. Планы па аднаўленні старога касцёла, безумоўна, існуюць, ёсць і адпаведны архітэктурны праект. Нават праведзены некаторыя работы — добраўпарадкоўваецца тэрыторыя побач з храмам, унутры таксама можна заўважыць сляды навядзення парадку. Аднак гэтыя работы спынены даволі даўно — аб гэтым можна меркаваць па дрэвах, што выраслі ў касцёле. У цэнтральным нефе яны падняліся ўжо на ўзровень хораў. Смецця, якога звычайна дзесяцігоддзямі шмат збіралася ў закінутых будынках, зараз зусім мала. Відаць, што яго ўбралі ў тыя ж самыя 1990-я гады. Тым не менш, відавочна, што ў савецкі час храм выкарыстоўвалі ў гаспадарчых мэтах — тут можна сустрэць іржавыя фрагменты нейкіх механізмаў, рэшткі тары і г. д. Зусім нечаканая канструкцыя знаходзіцца ў адным з бакавых фасадных аб'ёмаў: вузкая цагляная лесвіца ў тоўшчы сцяны пераходзіць у жалезную, са звычайнай арматуры. Па ёй можна падняцца парактычна на самы верх касцёла, дзе ў помнік архітэктуры ўманціраваны... вялікі металічны рэзервуар. Магчыма такім чынам спрабавалі выкарыстоўваць высотнае становішча храма — узвышаючыся на ўзгорку над усімі будынкамі пасёлка, ён мог служыць воданапорнай вежай.

У верасні 2003 перад касцёлам укладвалі плітку
Выклікае цікавасць і падземны ўзровень храма, што ўяўляе сабой раз­галі­на­ва­ную сістэму падвалаў, у якіх знаходзіўся крыпторыум для га­на­ро­вых па­ха­ван­няў. Вышыня падвалаў каля двух метраў, у іх сёння дастаткова чыста, што таксама з'яўляецца вынікам распачатага рамонту.

Верагодна, прыпыненне рэстаўрацыйных работ у былым касцёле ў нейкай ступені тлумачыцца тым, што ў Вялікай Бераставіцы цяпер ёсць дзеючы касцёл. Яшчэ адзін каталіцкі храм — касцёл Праабражэння — быў узведзены тут у 1912 годзе. У гэты час старажытны касцёл існаваў як праваслаўная царква, у якую яго царскім указам пераўтварылі яшчэ ў 1866 годзе. Пачынаючы з 1920 года, калі мястэчка апынулася на тэрыторыі Польшчы, царква зноў пачала дзейнічаць як касцёл, але праз год пасля ўстанаўлення савецкай улады, у 1940-ым, храм закрылі поўнасцю і вярнулі вернікам (зноў католікам) толькі праз паўстагоддзя ў занядбаным і паўразбураным стане.

Дарэчы, ёсць у мястэчку і царква. Прычым мураваная і пабудаваная таксама ў XVIII стагоддзі, што яшчэ раз падкрэслівае існуючую ў той час вера­цяр­пі­масць. Між іншым, адносна даты пабудовы царквы таксама нельга быць абсалютна ўпэўненым. Справа ў тым, што ў сучасных крыніцах указваецца, што яна "построена в 1741 году из кирпича как костел, с 1867 православный храм". Ці не здаецца вам, што гэтыя храналагічныя звесткі неяк ужо занадта літаральна нагадваюць вышэйпададзеную біяграфію касцёла Візітацыі Пра­святой Дзевы Марыі? Таму і не будзе дзіўным, калі і ў адносінах да гэтай царквы пазней з'явяцца іншыя версіі.


Фотагалерэі:  Знешні выгляд  Унутры касцёла  Наверсе ;   Усе фота (27 шт.)